СФЕ́РА АБСЛУГО́ЎВАННЯ,

сукупнасць галін эканомікі, прадукцыя якіх вызначаецца пэўнай мэтазгоднай дзейнасцю (асабістыя і вытв. паслугі). У адпаведнасці з сістэмай нацыянальных рахункаў, якая з 1994 дзейнічае ў стат. органах Рэспублікі Беларусь, вытв-сць паслуг уключае: паслугі транспарту, сувязі, гандлю, грамадскага харчавання, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, культуры, адукацыі, аховы здароўя, бытавыя, банкаў і інш. Адрозніваюць паслугі, якія фінансуюцца насельніцтвам (набыццё тавараў, быт. і жыллёва-камунальныя паслугі, платныя ўстановы культуры, аховы здароўя, адукацыі, пасаж. транспарт, турызм, страхаванне і інш.); паслугі дзярж. устаноў (бюджэтныя расходы дзярж. устаноў на тавары і паслугі індывід. спажывання); паслугі і тавары, якія вылучаюць насельніцтву бясплатна грамадскія арг-цыі, а таксама бясплатныя паслугі ў галіне адукацыі, культуры і аховы здароўя, якія аказваюць сваім работнікам прадпрыемствы і арг-цыі. На 1.1.2001 у Рэспубліцы Беларусь доля паслуг (за выключэннем дзярж. сродкаў, якія выдзяляюцца на навуку, абарону, кіраванне, дарожную гаспадарку і інш. грамадскія патрэбы) у структуры валавога ўнутранага прадукту склала 69%.

т. 15, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)